Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/240

Гэта старонка не была вычытаная

даюць ад знямогі. Апошняе было нам вельмі дарэчы.

Вось яны падышлі да бухтачкі. (Трэба адзначыць, што за гэтыя некалькі гадзін пачаўся адліў, і шлюпка, якая, як я ўжо казаў, была прывязана да дрэва, апынулася на беразе.) Немагчыма апісаць, што з імі сталася, калі яны ўбачылі, што шлюпка стаіць на мялі, а людзі зніклі. З крыкамі мітусіліся яны па беразе, праклінаючы свой лёс. Яны крычалі, што трапілі на зачараваны востраў, на якім жывуць або чэрці, або злыя чараўнікі, што з гэтага вострава аніводзін смяротны не выходзіць жывым. Некалькі разоў яны пачыналі гукаць сваіх таварышоў, называючы іх па імёнах, але, зразумела, не атрымлівалі адказу, у вячэрнім змроку нам было відаць, як яны то бегалі ламаючы рукі, то, змарыўшыся ад гэтай беганіны, кідаліся ў лодку ў безвыходнай роспачы, то зноў выскоквалі на бераг і зноў хадзілі ўзад і ўперад, і так без канца.

Мае людзі прасілі мяне дазволіць ім напасці на ворага, як толькі сцямнее. Але я лічыў патрэбным не праліваць крыві, калі толькі будзе хоць якая магчымасць гэтага ўнікнуць. Галоўнае-ж, ведаючы, як добра ўзброены нашы супраціўнікі, я не хацеў рызыкаваць жыццём нашых людзей. Я рашыў пачакаць, ці не падзеляцца сілы супраціўніка, а пакуль скамандаваў свайму войску быць напагатове. Пятніцу-ж і капітана я выслаў наперад з загадам як можна бліжэй падпаўзці да ворага.