Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/244

Гэта старонка не была вычытаная

сабе яму і павінны дзякаваць лёс, калі не трапяць на шыбельніцу.

Злачынцы каяліся, відаць, ад чыстага сэрца, і прасілі толькі аб адным, — каб іх не пакаралі смерцю.

На гэта капітан ім адказаў, што тут ён не мае ўлады, бо яны не яго палонныя, а ўладара вострава.

— Вы думалі, — сказаў ён у заключэнне, — што высадзілі нас на пустынны, бязлюдны бераг, але лёс накіраваў нас да населенага вострава, якім кіруе англічанін. Па свайму велікадушшу ён злітаваўся над вамі і, мусіць, адправіць вас у Англію, дзе з вамі абыдуцца па законах. Але Білу Аткінсу загадана рыхтавацца да смерці: заўтра раніцой ён будзе павешаны.

Усё гэта капітан, зразумела, выдумаў, але яго выдумка зрабіла жадаемае ўздзеянне. Аткінс упаў на калены, просячы капітана хадайнічаць за яго перад начальнікам вострава, астатнія таксама пачалі пакорліва прасіць, каб іх не адпраўлялі ў Англію.

Бачачы такую пакорлівасць гэтых людзей, прыціснутых страхам смерці, я сказаў сабе: «Вось калі прышоў час майго збавення. Гэтыя небаракі так напалоханы, што, напэўна, выканаюць кожнае наша патрабаванне: варта нам загадаць, і яны дапамогуць нам авалодаць караблём».

І, адышоўшы далей, пад дрэвы, каб яны не маглі разгледзець, які там начальнік, я крыкнуў:

— Паклікаць да мяне капітана!