Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/251

Гэта старонка не была вычытаная

піратамі, ён адразу-ж загадаў здымацца з якара і, карыстаючыся лёгкім папутным ветрыкам, падышоў да той бухтачкі, дзе я калісьці прычальваў са сваімі плытамі; затым, дачажаўшыся прыліву, ён на яліку ўвайшоў у бухтачку, высадзіўся і прыбег да мяне.

Убачыўшы карабль, можна сказаць, ля парога свайго дому, я ад такой нечаканай радасці ледзь не страціў прытомнасць.

Прышоў нарэшце час майго збавення. Я, калі можна так выказацца, ужо намацаў сваю волю. Усе перашкоды былі знішчаны. Для мяне было пададзена вялікае акіянскае судна, гатовае мяне завезці, куды я захачу. Ад хвалявання я не мог вымавіць ні слова.

Язык не слухаўся мяне. Каб капітан не падтрымаў мяне сваімі моцнымі рукамі, я ўпаў-бы на зямлю.

Капітан нагнуўся нада мной, выняў з кішэні бутэлечку з нейкім лякарствам, якое захапіў знарок для мяне, і даў мне выпіць глыток, затым асцярожна пасадзіў мяне на зямлю. Я крыху апрытомнеў, але доўга яшчэ не меў сілы гаварыць.

Небарака-капітан і сам не мог апамятацца ад радасці, хоць для яго яна ўжо не была такой нечаканай. Ён супакойваў мяне, як малое дзіцянё, выказваў сваю ўдзячнасць і нагаварыў тысячу самых пяшчотных і ласкавых слоў. Але я дрэнна разумеў, што ён казаў: мабыць, мой розум памутнеў ад шчасця. Нарэшце хваляванне выклікала слёзы, пасля чаго я ўжо мог гаварыць.