Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/255

Гэта старонка не была вычытаная

раз ужо ў якасці начальніка вострава. Падышоўшы да маёй дачы, я патрабаваў да сябе арыштаваных і сказаў ім наступнае:

— Мне добра вядома ваша злачынства. Я ведаю, як бессумленна зарэзалі вы безабаронных пасажыраў. Ведаю і тое, што вы збіраліся зрабіцца піратамі і заняцца подлым рабаўніцтвам мірных, безабаронных караблёў. Але хай-жа будзе вам вядома, што па майму распараджэнню карабль звернут капітану і прыведзен на рэйд. Варта мне загадаць, і вас пакараюць як разбойнікаў, злоўленых на месцы злачынства. І таму, калі ў вас ёсць чаго сказаць для свайго апраўдання, — кажыце.

Адзін з іх адказаў за ўсіх, што ім няма чаго сказаць для свайго апраўдання, але што капітан абяцаў ім злітавацца над імі, і таму яны пакорліва просяць літасці — пакінуць жывымі.

— Не ведаю, якім чынам я магу злітавацца над вамі. Я рашыў пакінуць гэты востраў з усімі маімі людзьмі: мы едзем у Англію на вашым караблі. Што тычыцца вас, то, па словах капітана, ён абавязан закаваць вас у кайданы і па прыбыцці ў Англію перадаць суду за здраду і бунт. А вы самі ведаеце, чым вам гэта пагражае. Смерць на шыбеніцы — вось што чакае вас у Англіі. Такім чынам, наўрад ці будзеце вы рады, калі мы возьмем вас з сабой. Калі вы хочаце ведаць маю думку, то я параіў-бы вам застацца на востраве: толькі пры гэтай умове я магу выратаваць вас.