Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/256

Гэта старонка не была вычытаная

Яны з радасцю згадзіліся на гэта і вельмі дзякавалі мяне. — Вядома, лепш ужо жыць у пустыні, як быць павешаным на радзіме, — казалі яны.

Я загадаў развязаць іх і сказаў ім:

— Цяпер ідзіце ў лес — на тое самае месца, дзе мы вас перамаглі, і чакайце, пакуль за вамі прышлюць. Я загадаю пакінуць вам зброю, харчы і дам вам неабходныя ўказанні на першы час. Вы можаце вельмі нядрэнна пражыць тут, калі захочаце.

Вярнуўшыся дамоў пасля гэтых перагавораў, я пачаў збірацца ў дарогу. Я папярэдзіў капітана, што не магу быць гатовым раней наступнай раніцы, і папрасіў яго ехаць на карабль без мяне і рыхтавацца да адплыцця, а зранку прыслаць па мяне шлюпку.

Калі капітан паехаў, я сказаў паклікаць да мяне пяцярых палонных і пачаў з імі сур‘ёзную размову аб іхнім становішчы. Паўтарыўшы, што па-мойму яны добра робяць, застаючыся на востраве, бо калі яны вернуцца на радзіму, іх абавязкова павесяць — я расказаў ім падрабязна: як трапіў на востраў, як паступова палепшыў свой быт, як збіраў вінаград, як пасеяў рыс і ячмень, як навучыўся пячы хлеб.

Я паказаў ім свае ўмацаванні, свае палі ды загоны, — словам, зрабіў усё, што ад мяне залежала для таго, каб яны маглі ўсталявацца, па мажлівасці, лепей.

Я пакінуў ім усю сваю зброю, даў падрабязныя інструкцыі, як даглядаць коз, як іх даіць і карміць, як рабіць масла і сыр.