Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/257

Гэта старонка не была вычытаная

Карацей кажучы, я перадаў ім у нямногіх словах усю доўгую гісторыю майго цяжкога адзінотнага жыцця на працягу дваццаці васьмі год.

Я таксама абяцаў ім, што папрашу капітана пакінуць ім яшчэ два бачонкі пораху і насення гародніны, чаго мне так неставала ў першыя часы. Мяшок з гарохам, які капітан прывёз мне ў падарунак, я таксама аддаў ім і пры гэтым параіў ужыць увесь гарох на сяўбу.

Развітаўшыся з выгнаннікамі, я пакончыў за дзень з усімі маімі справамі і на другі дзень раніцой пераехаў на карабль.

Хоць мы вельмі спяшаліся ехаць, але ўсё-такі не паспелі зняцца з якара ў той дзень. У наступны дзень, на досвітку, мы ўбачылі, што да карабля плывуць два чалавекі. Высветлілася, што гэта былі двое з пяцярых людзей, пакінутых намі на востраве. Горка скардзячыся на трох сваіх таварышоў, яны вельмі прасілі нас узяць іх з сабой, хоць-бы іх потым і павесілі, «таму што, — казалі яны, — нас усёроўна заб‘юць».

У адказ на іхнюю просьбу капітан сказаў, што ён не можа ўзяць іх без майго дазволу. Але нарэшце, прымусіўшы іх даць урачыстую клятву, што яны выправяцца і будуць трымаць сябе ціха, мы прынялі іх на карабль.

Дачакаўшыся прыліву, капітан адправіў на бераг шлюпку з рэчамі, якія мы абяцалі новым жыхарам вострава. Да гэтых рэчаў, па маёй просьбе, ён далучыў іхнія скрыні з адзеннем, за што яны былі вельмі ўдзячны.