Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/258

Гэта старонка не была вычытаная

Я запамятаваў сказаць, што, развітваючыся з выгнаннікамі, я, жадаючы іх узбадзёрыць, абяцаў ім, што не забуду аб іх і, калі толькі ў якім-небудзь порце мы спаткаем карабль, шлях якога будзе ляжаць міма майго вострава, я папрашу капітана гэтага карабля зайсці за імі і ўзяць іх з сабой.

Развітаўшыся з востравам, я ўзяў з сабой на ўспамін зробленую мною вялікую шапку з казінай скуры, парасон і аднаго папугая. Не забыў я ўзяць і грошы, але яны так доўга ляжалі ў мяне без ужывання, што зусім пацямнелі і толькі пасля добрай чысткі зрабіліся зноў падобнымі на золата і срэбра; я захапіў таксама і манеты, знойдзеныя мною ў абломках іспанскага карабля.

Як потым высветлілася з карабельных запісаў, мой ад‘езд адбыўся 9 снежня 1686 года. Такім чынам я пражыў на востраве дваццаць восем год, два месяцы і дзевятнаццаць дзён.

Па дарозе я заехаў за іспанцамі і ўзяў іх з сабой на карабль. Яны былі вельмі ўзрадваныя і са слязьмі дзякавалі мяне.

Але, здаецца, больш за ўсіх быў шчаслівы Пятніца, бо яго стары бацька адправіўся ў далёкую дарогу разам з ім.