Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/31

Гэта старонка не была вычытаная

якія-небудзь каралы, нажы, нажніцы, сякеры, шкелцы і іншую дрэнь — атрымаць залаты пясок і слановую косць. Мае расказы яны слухалі вельмі ўважліва. Неяк аднаго разу нас сабралася вялікая кампанія — я і некалькі маіх знаёмых. Мы жвава гутарылі на гэтую тэму. На другі дзень зранку трое з маіх гасцей з‘віліся да мяне і абвясцілі, што, параздумаўшы добранька над тым, што я ім расказваў напярэдадні, яны прышлі да мяне з сакрэтнай прапановай. Затым, узяўшы з мяне слова, што ўсё, што я ад іх пачую, застанецца паміж нас, яны сказалі мне:

— Усе мы маем плантацыі, але работа наша ідзе вельмі цяжка, бо ў нас няма грошай, каб наняць рабочых. Вы кажаце, што там, дзе вы былі, можна лёгка набыць цэлыя груды залатога пяску і іншых каштоўнасцей. Мы хочам адправіць карабль у Гвінею па золата. Ці згодны вы паехаць туды? Мы дамо вам ўсё, што трэба для абмену. За вашу працу вы атрымаеце сваю долю здабычы, такую самую, як і кожны з нас.

Паўтараю, мне было на вяку напісана зрабіцца вінавайцам уласнай пагібелі.

Як раней я не здолеў перамагчы сваёй любові да бадзяжніцтва і не паслухаўся добрых парад бацькі, так і цяпер я не здолеў устаяць супроць спакуслівай прапановы.

Я адказаў маім сябрам, што з радасцю паеду ў Гвінею, з той аднак умовай, каб яны ўзяліся прыгледзець у маю адсутнасць за маёй маёмасцю і распарадзіліся ёю па маіх указаннях у тым выпадку, калі я не вярнуся.