Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/32

Гэта старонка не была вычытаная

Усё гэта яны мне ўрачыста абяцалі, замацаваўшы нашу ўмову пісьмовым абавязацельствам; я-ж, з свайго боку, зрабіў фармальны тэстамэнт на выпадак маёй смерці: усю сваю рухомую і нерухомую маёмасць я адпісаў партугальскаму капітану, які выратаваў мне жыццё.

Карабль у свой час быў падрыхтаван, нагружан адпаведным таварам і ўсё зроблена па ўзаемнай згодзе з маімі хаўруснікамі. І яшчэ раз, у нядобрую гадзіну, 1 верасня 1659 года, я ўзышоў на палубу карабля. Гэта быў той самы дзень, у які восем гадоў назад я ўцёк ад бацькі ды маткі ў Гуль, — той дзень, калі я паўстаў супроць бацькоўскай улады і так бязглузда накіраваў свой лёс.

Пасля дванаццацідзённага плавання мы перасеклі экватар і знаходзіліся, па апошніх назіраннях, пад 7°22′ паўночнай шыраты, калі на нас нечакана наляцеў грозны шквал. Гэта быў сапраўдны гураган. Ён пачаўся з паўднёвага ўсхода, потым пачаў дзьмуць у адваротны бок і нарэшце завярнуў з паўночнага ўсхода з такой жахлівай сілай, што на працягу дванаццаці дзён мы маглі толькі, аддаючыся на волю лёсу, плысці, куды нас гнала лютасць стыхіі. Няма чаго і казаць, што ўсе гэтыя дванаццаць дзён я кожную гадзіну чакаў смерці, ды і ніхто з нас не думаў застацца ў жывых.

Аднаго разу, з самага ранку (вецер усё яшчэ не здаваў, і мы амаль згубілі надзею на выратаванне), адзін з матросаў крыкнуў:

— Зямля!