Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/34

Гэта старонка не была вычытаная

Але не паспелі мы выскачыць з каюты, каб даведацца, дзе мы знаходзімся, як судна села на пясчаную мель. У той-жа момант ад раптоўнай астаноўкі вада хлынула на палубу з жахлівай сілай.

Карабль так глыбока засеў у пяску, што не было чаго і думаць сцягнуць яго з зямлі, і нам заставалася толькі паклапаціцца аб уласным ратунку, калі ён быў магчымым. У нас былі дзве шлюпкі. Адна вісела за кармой, але ў час шторму яна разбілася аб стырно, а потым яе сарвала ды панесла ў мора. Засталася другая, але як спусціць яе ў ваду? Гэта была цяжкая задача. А між тым нельга было марудзіць: карабль мог кожную хвіліну расшчапіцца надвое, і некаторыя нават гаварылі, што ён ужо даў шчыліну.

Памочнік капітана кінуўся да шлюпкі, якая вісела ля барта на блоках, і з дапамогай астатніх людзей экіпажа падрыхтаваў яе да спуску на ваду. Мы ўсе, адзінаццаць чалавек, увайшлі ў шлюпку, і аддаліся на волю бушуючых хваляў, бо хоць шторм значна сцішыўся, але ўсё-ткі на бераг набягалі страшэнныя валы, і мора магло быць сапраўды названа шалёным.

Наша становішча па сутнасці было вельмі дрэннае: мы ясна бачылі, што нам няма ратунку. Ветразей у нас не было, ды і ўсёроўна яны былі-б нам бескарысныя. Мы веславалі да берагу з каменем на сэрцы, як людзі, якіх вядуць на смерць: мы вельмі добра ведалі, што, як толькі шлюпка падыдзе бліжэй да зямлі, яе разнясе прыбоем на тысячу