Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/35

Гэта старонка не была вычытаная

кавалкаў. Нас гналі вецер і плынь. Мы налягалі на вёслы, уласнай рукой набліжаючы сваю пагібель.

Нас аднесла міль на чатыры ад таго месца, дзе засеў наш карабль, і раптам велізарны вал набег з кармы на нашую шлюпку. Гэта быў апошні смяротны ўдар. Вал-гігант накінуўся на нас так шпарка, што ў адно імгненне перакуліў нашу шлюпку. Мы не паспелі ахнуць, як апынуліся пад вадой, далёка ад шлюпкі і адзін ад аднаго.

Ніякім пяром нельга апісаць той трывогі, якая авалодала мною, калі я пагрузіўся ў ваду. Я вельмі добра плаваю, але я не мог адразу вынырнуць на паверхню і ледзь не задыхнуўся. Хваля падхапіла мяне, працягала на досыць значную адлегласць у кірунку да зямлі, распалася і адхлынула назад, пакінуўшы мяне напалову мёртвым, бо я нахлёбаўся вады. Я крыху перадыхнуў і ачуняў. Убачыўшы, што зямля так блізка (куды бліжэй, як я чакаў), я паспяшаўся да берагу. Я спадзяваўся даплысці да яго раней, як набяжыць і падхопіць мяне другая хваля, але хутка зразумеў, што яе мне не мінуць: мора даганяла мяне, як раз‘юшаны звер. Змагацца з ім у мяне не было сілы.

Наступная хваля пахавала мяне футаў на дваццаць, на трыццаць пад вадой. Затым мяне падхапіла і з незвычайнай хуткасцю панесла да берагу. Я затрымаў дыханне і паплыў па плыні, з усіх сіл дапамагаючы ёй. Раптам я адчуў, што ўздымаюся ўверх. Хутка, на вялікую маю радасць, мае рукі і галава