Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/38

Гэта старонка не была вычытаная

былі дужэйшыя за мяне. У мяне не было нічога, акрамя нажа, люлькі ды каробкі з тытуном. Гэта была ўся мая маёмасць. І, падумаўшы пра сваю горкую долю, я прышоў у такі адчай, што пачаў бегаць па берагу і крычаць, як вар‘ят. Калі надышла ноч, я са сціснутым сэрцам пытаў сябе: «Што мяне чакае, калі ў гэтай краіне водзяцца драпежныя звяры? Яны-ж заўсёды выходзяць на здабычу па начах».

Адзінае, што я мог прыдумаць, гэта ўлезці на стаяўшае недалёка тоўстае сукаватае дрэва, падобнае на ёлку, але з больш калючымі іголкамі, і прасядзець на ім усю ноч да раніцы, а калі надыйдзе раніца, вырашыць, якою смерцю лепш памерці, бо я не бачыў аніякай мажлівасці жыць у гэтым месцы. Мяне вельмі мучыла смага. Я прайшоў з поўвярсты ў глыб краіны, спадзяючыся знайсці прэсную ваду, і, на вялікую маю радасць, сапраўды знайшоў ручаінку.

Напіўшыся і ўзяўшы ў рот крыху тытуну, каб не так моцна адчуваць голад, я вярнуўся да дрэва, узлез на яго і прыладзіўся такім чынам, каб не скінуцца, калі засну. Затым я зрэзаў тоўсты сук, выстругаў з яго дубінку на выпадак нападу, палажыў яе сабе на калены, усеўся ямчэй і, будучы вельмі стомленым, моцна заснуў.

Я спаў так салодка, як, мне здаецца, няшмат каму спалася-б на маім месцы, і ніколі, ні да гэтай начы, ні пасля, я не прачынаўся такім свежым і бадзёрым.