Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/4

Гэта старонка не была вычытаная

Мне стала шкада старога, і я цвёрда рашыў не думаць больш аб вандраванні па моры.

Але дармо! — прайшло некалькі дзён, і ад маіх добрых намераў нічога не засталося: праз два-тры тыдні пасля маёй размовы з бацькам я рашыў бегчы з дому. Выбраў час, калі маці была ў добрым настроі, я папрасіў яе ў куток і сказаў:

— Мне восемнаццаць год, а ў гэтыя гады позна вучыцца судзейскай справе. Каб нават паступіў куды-небудзь на службу, я ўсёроўна праз некалькі дзён уцёк-бы ў дальнія краіны. Мне гэтак хочацца бачыць свет, што калі я і прыстроюся да якой-небудзь справы, у мяне не хопіць цярплівасці давесці яе да канца. Прашу вас, угаварыце бацьку адпусціць мяне на мора для спробы: калі мора мне не будзе падабацца, я вярнуся дамоў і больш нікуды не паеду. Няхай лепш бацька адпусціць мяне добраахвотна, бо інакш буду вымушан адысці без яго дазволу.

Мая маці вельмі раззлавалася на мяне і сказала:

— Дзіўлюся, як ты яшчэ можаш думаць пра гэткія рэчы пасля тваёй размовы з бацькам. Ды бацька-ж патрабаваў, каб ты забыў пра морскія вандраванні. Вядома, калі ты хочаш сябе загубіць, дык едзь хоць гэтую-ж хвіліну, але можаш быць упэўнен, што мы з бацькам ніколі не дамо згоды на твае вандраванні.

Урэшце я даведаўся, што маці перадала бацьку нашу размову ад слова да слова.