Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/41

Гэта старонка не была вычытаная

бануў з яе некалькі добрых глыткоў, бо мне вельмі неабходна было падмацаваць сілы для далейшай работы.

Перш за ўсё мне патрэбна была лодка, каб перавесці на бераг тыя рэчы, якія маглі мне спатрэбіцца. Але лодкі не было адкуль узяць, а жадаць немагчымага бескарысна. Пільная патрэба выклікае вынаходлівасць, і я жвава прыняўся за работу. На караблі былі запасныя мачты, сценьгі і рэі. З гэтага матэрыялу я рашыў пабудаваць плыт.

Выбраўшы некалькі бярвенняў лягчэйшых, я перакінуў іх за борт, абвязаўшы загадзя кожнае бервяно вяроўкай, каб іх нікуды не знесла. Затым я спусціўся з карабля, прыцягнуў да сябе чатыры бервяны, моцна звязаў іх між сабой па абодвух канцах, замацаваў яшчэ зверху двума паложанымі накрыж кароценькімі дошкамі, і ў мяне вышла нешта накшталт плыта.

Мой плыт вельмі добра вытрымліваў мой цяжар, але для вялікага грузу быў вельмі малы. Тады зноў узлез я на карабль, адшукаў пілу нашага карабельнага цесляра і распілаваў запасную мачту на тры бервяны, якімі і павялічыў мой плыт. Гэтая работа каштавала мне велізарных сіл, але жаданне назапасіць усё неабходнае для жыцця падтрымлівала мяне, і я зрабіў тое, на што пры звычайных абставінах у мяне нехапіла-б сілы.

Цяпер мой плыт мог вытрымаць даволі вялікі груз. Наступнай маёй справай было пагрузіць яго і паклапаціцца аб тым, каб зберагчы мой груз ад морскага прыбою.