Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/42

Гэта старонка не была вычытаная

Я не траціў часу. Перш за ўсё я палажыў на плыт усе дошкі, якія знайшліся на караблі; на гэтыя дошкі я паставіў тры скрыні, належачыя нашым матросам, узламаўшы спачатку замкі і вынуўшы ўсё, што было ў скрынях. Затым, памеркаваўшы, што з рэчаў магло спатрэбіцца перш за ўсё, я падабраў гэтыя рэчы і напхаў імі ўсе тры скрыні. У адну я палажыў харчы: рыс, сухары, тры кругі галандскага сыру, пяць вялікіх кавалкаў сушанай казляціны, якая служыла нам галоўнай мясной стравай і рэшткі ячменю, які мы везлі з Еўропы для курэй, што былі на караблі; частка зерня засталася, бо курэй мы ўжо даўно з‘елі. Гэты ячмень быў перамешан з пшаніцай і вельмі мне спатрэбіўся-б, але, як потым высветлілася, ён быў папсаваны пацукамі. Акрамя таго, я знайшоў некалькі скрынак з віном і шэсць балонаў рысавай гарэлкі, якія належалі капітану. Усе гэтыя скрынкі я паставіў проста на плыт, бо ў скрынях яны не змясціліся-б.

Між тым, пакуль я быў заняты пагрузкай, пачаўся прыліў і, на вялікі мой жаль, я ўбачыў, што мой камзол, сарочку і жылетку, якія я пакінуў на беразе, знесла ў мора. Цяпер у мяне засталіся толькі панчохі ды штаны (палатняныя, кароткія, да кален), якіх я не здымаў. Гэта прымусіла мяне падумаць аб тым, каб набраць вопраткі. На караблі было даволі ўсякага адзення, але я ўзяў пакуль толькі адну пару, бо мяне куды больш цікавіла іншае і, перш за ўсё, рабочыя інструменты. Пасля доўгіх пошукаў я знайшоў скрын-