Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/43

Гэта старонка не была вычытаная

ку нашага цесляра, і гэта была для мяне сапраўды каштоўная знаходка, якую я не аддаў-бы ў той час за цэлы транспарт залатога пяску. Я паставіў на плыт гэтую скрынку і нават не зазірнуў у яе, бо мне было прыблізна вядома, якія ў ёй інструменты.

Цяпер мне заставалася набраць зброі ды зарадаў. У каюце я знайшоў дзве добрыя стрэльбы і два пісталеты, якія я пераправіў на плыт разам з парахоўніцай, мяшэчкам шроту і двума старымі, заіржавелымі шпагамі. Я ведаў, што ў нас былі тры кадушачкі пораху, але не ведаў, дзе яны схаваны; аднак, пашукаўшы добра, я знайшоў іх. Адна з іх падмокла, а дзве былі зусім сухія, і я перацягнуў іх на плыт. Цяпер мой плыт быў дастаткова нагружан, і трэ‘ было адпраўляцца ў дарогу. Дабрацца да берагу на плыце без ветразяў, без стырна — нялёгкая задача: досыць было самага слабага парыва ветру, каб перакуліць усю маю пабудову.

Я выгледзеў маленечкую бухту, да якой і накіраваў свой плыт. З вялікай цяжкасцю правёў я яго поперак плыні і ўрэшце ўвайшоў у маленькую затоку, упёршыся ў дно вяслом, бо тут было мелка; як толькі пачаўся адліў, мой плыт з усім грузам апынуўся на сухім беразе.

Цяпер мне трэ‘ было агледзець мясцовасць і выбраць сабе зручнае месца для жылля, такое, дзе-б я мог скласці сваю маёмасць і дзе-б яна была абаронена ад усялякіх выпадковасцей. Я ўсё яшчэ не ведаў, куды я трапіў: на матэрык ці на востраў, у заселе-