Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/45

Гэта старонка не была вычытаная

вала ястраба афарбоўкай пер‘яў ды формай дзюбы, толькі кіпці ў яе былі куды карацей. Яе мяса пахла падлай, і я не мог яго есці.

Здаволіўшыся на першы выпадак гэтымі вынаходніцтвамі, я вярнуўся да плыта і ўзяўся перацягваць рэчы на бераг. Гэта заняло ў мяне ўвесь астатні дзень. Я не ведаў, як і дзе мне прытуліцца нанач. Класціся проста на зямлі я баяўся. Што, калі мне будзе пагражаць напад якога-небудзь драпежніка? Таму, выбраўшы на беразе зручнае месца для начлегу, я загарадзіў яго з усіх бакоў скрынямі, а ў сярэдзіне гэтай агарожы зрабіў з дошак нешта накшталт шалаша.

Непакоіла мяне таксама пытанне, як я буду здабываць сабе ежу, калі ў мяне выйдуць запасы: акрамя птушак ды двух нейкіх звяркоў накшталт нашага зайца, якія выскачылі з лесу, пачуўшы гук майго стрэлу, ніякай жыўнасці я тут не бачыў.

Але цяпер я больш думаў аб іншым. Я прывёз з карабля далёка яшчэ не ўсё, што можна было ўзяць; там засталося шмат рэчаў, якія маглі-б мне спатрэбіцца, і перш за ўсё ветразі ды канаты. Таму я рашыў, калі нішто не перашкодзіць, зноў пабываць на караблі. Я ведаў, што пры першай-жа буры яго разаб‘е ў трэскі, таму і рашыў адкласці ўсе іншыя справы, пакуль не вывезу на бераг усяго да апошняга цвічка.

Прышоўшы да такога рашэння, я пачаў думаць, ці ехаць мне на плыце, ці паплысці, як у першы раз. Я рашыў, што лепш плысці. Толькі на гэты раз я распрануўся ў шалашы,