Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/46

Гэта старонка не была вычытаная

застаўшыся ў адной ніжняй сарочцы, у палатняных штанах ды ў адкрытых чаравіках на босую нагу.

Як і ў першы раз, я ўзлез на карабль па вяроўцы; затым пабудаваў новы плыт і перавёз на ім шмат карысных рэчаў. Па-першае, усё, што знайшлося ў каморцы нашага цесляра, а менавіта: два ці тры мяшкі з цвікамі (вялікімі і дробнымі), адвёртку, дзесяткі са два сякер, а галоўнае, такую карысную рэч, як тачыла.

Акрамя пералічаных рэчаў, я ўзяў на караблі ўсё адзенне, якое знайшоў, ды захапіў яшчэ запасныя ветразі, гамак і некалькі сеннікоў ды падушак. Усё гэта я пагрузіў на плыт і, к вялікаму майму задаваленню, шчасліва даставіў на бераг.

Пасля таго я ўзяўся за пабудову палаткі. Я зрабіў яе з ветразя і жэрдак, якіх я нарэзаў у лесе. У палатку я перанёс усё тое, што магло папсавацца ад сонца і дажджу, а навокал панастаўляў пустых скрыняў на выпадак нечаканага нападу людзей ці жывёл.

Уваход у палатку я ўмацаваў вялікай скрыняй, паставіўшы яе бокам, а з сярэдзіны загарадзіўся дошкамі. Затым, разаслаўшы на зямлі пасцель, пад галаву палажыў два пісталеты, побач — стрэльбу і лёг. Пасля караблекрушэння гэта была першая ноч, якую я правёў у пасцелі. Я спакойна праспаў да раніцы, і нядзіва, бо ў папярэднюю ноч спаў вельмі мала ды ўвесь той дзень працаваў, — спачатку грузіў рэчы з карабля на плыт, а потым перапраўляў іх на бераг.