Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/48

Гэта старонка не была вычытаная

бухтачку, я падыходзіў да берагу, дзе была выгружана мая астатняя маёмасць, плыт перакінуўся, і я ўпаў у ваду з усім маім грузам. Мне асабіста гэта не пагражала бядой, бо здарылася яно амаль ля самага берагу; але груз мой прапаў, прынамсі значная частка яго, галоўнае — жалеза, якое вельмі мне спатрэбілася-б і аб якім я асабліва шкадаваў. Праўда, калі пачаўся адліў, я выцягнуў на бераг амаль усе кавалкі каната і некалькі кавалкаў жалеза, але мне прыходзілася ныраць за кожным кавалкам, і гэта мяне вельмі змарыла.

Мае паездкі на карабль былі штодзённымі, і кожны раз я прывозіў новыя запасы.

Ужо трынаццаць дзён я жыў на востраве і за гэты час пабываў на караблі адзінаццаць разоў, перацягнуўшы на бераг абсалютна ўсё, што можа перацягнуць пара чалавечых рук. Каб ціхае надвор‘е пратрымалася далей, я ўпэўнены, што прывёз-бы па частках увесь карабль: але робячы падрыхтоўку да дванаццатага рэйса, я заўважыў, што пачынаецца вецер. Тым не менш, дачакаўшыся адліву, я ўсё-ж такі адправіўся на карабль. У першыя разы я так добра абшукаў нашу каюту, што мне здавалася, там ужо нічога нельга знайсці, але тут мне кінулася ў вочы шыфан‘ерка з двума шуфлядамі; у адной я знайшоў тры брытвы, вялікія нажніцы і каля дзесятка добрых відэльцаў і нажоў у другой былі грошы часткова еўрапейскай, часткова бразільскай сярэбранай і залатой манетай, усяго да трыццаці шасці фунтаў стэрлінгаў.