Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/49

Гэта старонка не была вычытаная

Я ўсміхнуўся, калі ўбачыў гэтыя грошы. «Непатрэбнае смецце, — прамовіў я, — навошта ты мне цяпер? Ты таго не варты, каб я нагнуўся ды падняў цябе з падлогі. Усю гэтую кучу золата я аддаў-бы за маленькі ножык. Мне няма куды цябе дзяваць: дык застанься-ж, дзе ляжыш, ды ідзі на дно морскае, цябе не варта ратаваць». Але, памеркаваўшы, я загарнуў усе грошы ў кавалак парусіны і палажыў у кішэню.

Усю ноч раўла бура, і, калі раніцой я выглянуў з палаткі, ад карабля ні засталося і следу.

Усе мае думкі былі цяпер паглынуты пытаннем, як абараніць сябе ад дзікуноў, калі яны з‘явяцца на беразе, і ад драпежных звяроў, калі яны водзяцца на востраве. Я доўга думаў, якое мне лепш пабудаваць жыллё. Ці выкапаць пячору, ці паставіць палатку і добра яе замацаваць. Нарэшце я вырашыў зрабіць і тое, і другое.

Я думаю, будзе не лішнім расказаць, як я працаваў, і апісаць маё жыллё ў канчатковым яго выглядзе.

Я хутка ўпэўніўся, што выбранае мною месца на беразе было нязручным, каб на ім пасяляцца; гэта было нізкае месца, ля самага мора, з балоцістай глебай і, як мне здавалася, нездаровае. Галоўнае, блізка не было прэснай вады. Выходзячы з усяго гэтага, я рашыў пашукаць іншае месца, больш здаровае і больш падыходзячае для жылля.

Я павінен быў пры гэтым прыняць пад увагу многія ўмовы, якія лічыў неабходнымі