Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/51

Гэта старонка не была вычытаная

для чалавека майго становішча. Па-першае, як ужо сказана, мне былі патрэбны здаровае месцазнаходжанне і блізкасць прэснай вады; затым, маё жыллё павінна быць захавана як ад сонечнай спякоты, так і ад драпежнікаў — жывёл і людзей; і ўрэшце я абавязкова хацеў, каб з майго дома было відаць мора. «Можа лёс пашле карабль для майго збавення, — казаў я сабе, — а калі я не буду бачыць мора, я магу прапусціць гэты выпадак выратавацца». Як бачыце, мне яшчэ не хацелася развітацца з надзеяй.

Пасля даволі доўгіх пошукаў, я знайшоў нарэшце добры куток для жылля. Гэта была невялікая роўная палянка на схіле высокага ўзгорка, які спускаўся да яе стромкім, як сцяна, абрывам, і таму я мог не баяцца нападу зверху. Ля самай палянкі было невялікае паглыбленне, нібы ўваход у пячору, але пячоры ніякай далей не было. Вось тут, супроць гэтага паглыблення, я і вырашыў пабудаваць сваю палатку.

Перш чым ставіць палатку, я ўзяў завостраны кій ды апісаў перад паглыбленнем у гары поўкруг ярдаў дзесяць у дыяметры, гэта значыць, па простай лініі ад аднаго канца да другога. Затым па ўсяму поўкругу я паўбіваў два рады моцных колляў, завостраных на верхніх канцах. Паміж двума радамі колляў я пакінуў прамежак не больш за шэсць дзюймаў. Увесь гэты прамежак я запоўніў да самага верху адрэзкамі канатаў, узятых з карабля, склаўшы іх радамі адзін на другі, а ў сярэдзіне замацаваў агарожу падпоркамі,