Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/52

Гэта старонка не была вычытаная

для якіх я нарыхтаваў колле таўсцейшае і карацейшае (каля двух з паловай футаў даўжыні). Агарожа вышла ў мяне вельмі добрая: ні пралезці скрозь яе, ні пралезці цераз яе не мог ні чалавек, ні звер. Гэтая справа патрабавала вялікай працы, і прайшло шмат часу, пакуль я насек у лесе жэрдак, перанёс іх на месца пабудовы, абцясаў і ўбіў у зямлю колле.

Раздзел шосты

Рабінзон перацягвае ўсю сваю маёмасць да сябе ў дом. — Каза і казлянё.

З вялікай цяжкасцю перацягнуў я ў сваю крэпасць усё маё багацце — харчы, зброю і ўсё астатняе. Затым я паставіў у ёй вялікую палатку. Каб захаваць сябе ад дажджоў, якія ў трапічных краінах у пэўны час года бываюць вельмі вялікімі, я зрабіў палатку падвойную, гэта значыць, спачатку зрабіў адну палатку меншую, а над ёй паставіў большую. Знадворную палатку я пакрыў яшчэ зверху брэзентам, што захапіў з карабля разам з ветразямі.

Цяпер я спаў ужо не на сенніку, кінутым проста на зямлю, а ў вельмі ўтульным гамаку, які належаў памочніку нашага капітана.

Я перанёс у палатку ўсе харчы, наогул усё тое, што магло папсавацца ад дажджу. Калі такім чынам усе рэчы былі ўнесены ў сярэдзіну агарожы, я наглуха забіў уваход і пачаў уваходзіць і выходзіць па прыстаўной лесніцы, якую кожны раз падымаў за сабой.