Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/57

Гэта старонка не была вычытаная

варыць. О, як дарага я даў-бы, каб ён загаварыў.

Як ужо сказана, я ўзяў з карабля ўсе пісьмовыя прылады. Я эканоміў іх да апошняй мажлівасці, але, пакуль у мяне было чарніла, я акуратнейшым чынам запісваў усё, што здаралася са мной; калі-ж яно вышла, мне прышлося спыніць мае запісы, бо я не ўмеў рабіць чарніла і не мог прыдумаць, чым яго замяніць.

Наогул, не гледзячы на тое, што ў мяне быў такі велізарны склад усякіх рэчаў, мне, акрамя чарніла, нехапала яшчэ шмат чаго; у мяне не было ні лапаты, ні рыдлёўкі, ні кіркі, — аніводнага інструмента для земляных работ; не было ні іголак, ні нітак. Не было ў мяне і бялізны, але я хутка навучыўся абходзіцца без бялізны, не адчуваючы вялікай бяды.

З прычыны таго, што нехапала інструментаў, работа ішла ў мяне вельмі марудна і давалася мне з вялікай цяжкасцю. Бадай не цэлы год спатрэбіўся, каб давесці да канца агарожу, якою я парашыў абнесці сваё жыллё. Насячы ў лесе тоўстых жардзей, выцесаць з іх колле, перацягнуць гэтае колле да маёй палаткі — на ўсё гэта патрэбен быў час. Колле было вельмі цяжкое, таму я мог падняць не больш аднаго кала за адзін раз, і часамі ў мяне ішло два дні толькі на тое, каб выцесаць кол і прынесці яго дамоў, а трэці дзень — на тое, каб убіць яго ў зямлю. Для гэтай апошняй работы я ўжываў спачатку важкую драўляную дубіну, а потым успом-