Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/6

Гэта старонка не была вычытаная

і мне зрабілася куды лягчэй. Пакрысе я пачаў прызвычайвацца да мора. Праўда, яшчэ не зусім прайшла мая морская хвароба, але да канца дня надвор‘е прасвятлілася, вецер супыніўся, і надышоў ціхі, цудоўны вечар: сонца зайшло без адзінай хмаркі і ўстала на другі дзень такое-ж яснае. Ціхае мора, без ніякага ветру, усё аблітае ззяннем сонца, стварала такую дзіўную карціну, якой я ніколі не бачыў.

Усю ноч я праспаў моцным сном. Ад маёй морскай хваробы не засталося і сляда. Я быў вясёлы і са здзіўленнем глядзеў на мора, якое яшчэ ўчора здавалася такім жорсткім і грозным і ў такі кароткі час прыняло вельмі прывабны выгляд. А тут, як знарок, падыходзіць да мяне мой таварыш, што зацягнуў мяне ехаць разам з ім, пляскае мяне па плячу ды кажа:

— Ну, што, Боб, як ты сябе адчуваеш пасля ўчарашняга? Я ўпэўнен, што ты перапалохаўся. Прызнайся: ты-ж вельмі спалохаўся ўчора, калі задзьмуў ветрык.

— Ветрык? Добры ветрык! Я і ўявіць сабе не мог гэткай жахлівай буры.

— Буры? Ах, ты, дзівак! Дык па-твойму гэта бура? Гэта што! Глупства! Дай нам добрае судна і больш прастору, дык мы такога шквала і не заўважым. Ну, табе мора яшчэ гэта навіна: не дзіва, што ты перапалохаўся... Пойдзем-жа лепш вып‘ем па шклянцы віна і забудзем пра буру. Зірні, які цудоўны дзень.

Я напіўся п‘яным і забыў пра ўсё. Як толькі надышоў штыль, я перастаў баяцца, што