Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/61

Гэта старонка не была вычытаная

бой, абцёсваць з абодвух бакоў да таго часу, пакуль ён не ператворыцца ў дошку. А потым дошку трэба было яшчэ выгабляваць. Спосаб быў не надта выгодным, бо з цэлага дрэва выходзіла толькі адна дошка, і, каб атрымаць гэтую дошку, прыходзілася траціць непамерную колькасць часу і працы. Але супроць гэтага ў мяне быў толькі адзін сродак — цярплівасць. Ды, акрамя таго, мой час і мая праца не дорага каштавалі; ці не ўсёроўна тады, куды і на што яны ішлі.

З мэблі я перш за ўсё зрабіў сабе стол і крэсла. Я ўжыў для гэтага кароткія дошкі, якія ўзяў з карабля. Калі-ж я потым начасаў даўгіх дошак сваім першабытным спосабам, то прымайстраваў у маім склепе, да адной з яго сцен, некалькі палічак адну над другой фута па паўтара шырынёй і склаў на іх свае інструменты, цвікі, жалеза і іншыя дробныя рэчы, — словам, расклаў усе рэчы на свае месцы, каб лёгка знайсці, калі трэба будзе, кожную рэч. Я панабіваў таксама колікаў па сценах склепа і развесіў на іх свае стрэльбы і наогул усё тое, што можна было павесіць.

Хто ўбачыў-бы пасля гэтага маю пячору, пэўна прыняў-бы яе за аптовы склад усялякіх патрэбных ў гаспадарцы рэчаў. І для мяне было вялікай пацехай заглядваць у гэты склад, — так многа было там усялякага дабра, у такім парадку былі рэчы, і кожная дробязь была ў мяне пад рукой.

Толькі з гэтага часу я пачаў весці свой дзённік, запісваючы ўсё, што я рабіў на працягу дня. Спачатку мне было не да запісаў: