Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/62

Гэта старонка не была вычытаная

я быў вельмі заняты работай; акрамя таго, мяне тады хвалявалі такія пахмурныя думкі, што я баяўся, каб яны не адлюстраваліся ў маім дзённіку.

Але калі ўрэшце я ўзяў сябе ў рукі, калі пакінуў сябе цешыць бясплоднымі марамі і ўзяўся за наладжванне свайго жылля, прывёў у парадак маю хатнюю гаспадарку, змайстраваў сабе стол і крэсла, наогул абсталяваўся зручна ды ўтульна, — тады я ўзяўся за дзённік. Прывожу яго тут цалкам, хаця вялікая частка апісаных у ім фактаў ужо вядома чытачу з папярэдніх раздзелаў.

Паўтараю — я вёў яго акуратна, пакуль у мяне было чарніла.

Раздзел восьмы

Дзённік. — Землетрасенне.

30 верасня 1659 года. — Наш карабль, захоплены ў адкрытым моры страшэнным штормам, пацярпеў крушэнне. Увесь экіпаж, акрамя мяне, патануў; я-ж, няшчасны, Рабінзон Крузо, быў выкінуты напалову мёртвым на бераг гэтага праклятага вострава, які я назваў «Востравам адчаю».

Калі надышла ноч, я ўзлез на дрэва, таму што баяўся драпежных звяроў. Усю ноч я праспаў моцным сном, не гледзячы на тое, што ішоў дождж.

1 кастрычніка. Прачнуўшыся раніцой, я ўбачыў, што наш карабль зняло з мелі прылівам і прыгнала куды бліжэй да берагу.