Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/64

Гэта старонка не была вычытаная

1 лістапада. — Пабудаваў на новым месцы, ля самай гары, вялікую палатку і павесіў у ёй на коллях гамак.

4 лістапада. — Размеркаваў свой час, вызначыў спецыяльныя гадзіны для палявання, для работы, для сну і для забавы. Зранку, калі няма дажджу, гадзіны дзве-тры хаджу па востраву са стрэльбай, затым да адзінаццаці працую, у адзінаццаць палудную чым давядзецца, з дванаццаці да двух адпачываю (бо гэта самая спякотная пара дня), з двух зноў за работу. Усе рабочыя гадзіны ў апошнія два дні майстраваў стол. Я быў тады яшчэ вельмі слабым работнікам. Але неабходнасць усяму навучыць. Праз некаторы час я зрабіўся майстрам на ўсе рукі (чаго дасягнуў-бы, безумоўна, і кожны іншы на маім месцы).

13 лістапада. — Сёння ішоў дождж; зямля і паветра прыкметна асвяжыліся, і стала лягчэй дыхаць, але дождж суправаджаўся страшэннай навальніцай, і я спалохаўся за свой порах. Калі навальніца спынілася, я рашыў увесь мой запас пораху падзяліць на самыя дробныя часткі і хаваць у розных месцах, каб ён не быў пад небяспекай узарвацца ўвесь разам.

14, 15 і 16 лістапада. — Усе гэтыя дні рабіў скрынкі для пораху з такім разлікам, каб у кожную скрынку ўвайшло ад аднаго да двух фунтаў. Сёння расклаў увесь порах па скрынках і схаваў іх у расколіны скалы як мага далей адзін ад аднаго. Учора забіў вялікую птушку. Як называецца — не ведаю. Мяса яе вельмі смачнае.