Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/67

Гэта старонка не была вычытаная

17 снежня. — Канчаткова замацаваў першыя два слупы і паставіў яшчэ некалькі слупоў, таксама з дошкамі наверсе, як і першыя два. Цяпер будзе моцна. Гэтая работа заняла ў мяне амаль тыдзень. Слупы я паставіў радамі, так што яны будуць заадно выконваць у маім склепе ролю загарадак.

20 снежня. — Перанёс усе рэчы і расклаў па месцах. Цяпер гаспадарка ў мяне ўпарадку. Зрабіў яшчэ адно крэсла і прыбіў некалькі маленькіх палічак для харчоў: вышла накшталт буфета. Вось толькі дошак застаецца мала.

20 снежня. — Падстрэліў двух казлянят: аднаго забіў, а другога раніў у нагу, і ён не мог уцячы; я злавіў яго і прывёў дамоў на вяроўцы. Дома агледзеў яго нагу: яна была перабіта, і я забінтаваў яе. Казлянё паздаравела: зламаная нага зраслася, і яно вельмі добра бегала. Але я так доўга з ім важдаўся, што яно да мяне прывыкла і не хацела ўходзіць. Яно пасвілася ў мяне на маленькай сенажаці перад палаткай. Тады мне ўпершыню прышла думка завесці хатніх жывёл, каб забяспечыць сябе прадуктамі к таму часу, калі ў мяне выйдуць зарады і порах.

28, 29, 30 і 31 снежня. — Моцная спякота без вятроў. Выходзіў з дому толькі па вечарах, на паляванне. Прысвяціў гэтыя дні канчатковаму прывядзенню ў парадак сваёй гаспадаркі.

1 студзеня 1660 года. — Спякота не спадае; тым не менш сёння хадзіў на паляванне два разы: з самага ранку і ўвечары.