Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/73

Гэта старонка не была вычытаная

ней. Баючыся, каб мяне не засыпала новым абвалам, і не лічачы сябе ў бяспецы ў сярэдзіне агарожы, у тым выпадку, калі абвалілася-б гара, я схапіў лесніцу і пералез цераз сцяну. Але не паспеў я сысці на зямлю, як ужо зразумеў, што на гэты раз прычынай абвалу ў пячоры было землетрасенне. Зямля пада мной вагалася, і на працягу нейкіх васьмі мінут былі тры такія штуршкі, што ад іх рассыпаўся-б самы моцны будынак. Я бачыў, як ад скалы, што была ля мора, адарвалася верхавіна і пакацілася ўніз з такім грукатам, якога я ў жыцці сваім не чуў. Усё мора калыхалася і бурапеніла: мне нават здаецца, што ў моры падземныя штуршкі былі мацнейшымі, чымся на востраве.

Нічога падобнага я не чуў раней, а цяпер быў вельмі здзіўлены, аглушаны, перапалоханы. Ад ваганняў зямлі са мной зрабілася морская хвароба, як ад карабельнага гойдання. Мне здавалася, што я памёр. Грукат падаючага ўцёса вывеў мяне з аслупянення: я апрытомнеў і замёр пры той думцы, што на маю палатку можа абваліцца гара і назаўсёды пахаваць мае рэчы, мае харчы, — усё, што я меў. З гэтай хвіліны я ні аб чым іншым не мог думаць.

Калі, пасля трэцяга штуршка, прайшло некалькі мінут, я пачаў патрохі ачуньваць, але ўсё-такі ў мяне нехапала храбрасці вяртацца дамоў: доўга яшчэ я сядзеў на зямлі ў поўным смутку, не ведаючы, што мне рабіць.

Між тым збіраліся хмары; сцямнела, як перад дажджом. Падзьмуў ветрык — спачатку