Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/75

Гэта старонка не была вычытаная

ўсё-такі рашыў узяцца, не трацячы часу, за пабудову агарожы на новым месцы і, як толькі яна будзе гатова, перанесці ў яе палатку.

21 красавіка прыступлю да работы.

Ад 22 да 27 красавіка. — Усю раніцу 22 я думаў аб тым, як здзейсніць мой план. Галоўная перашкода была ў нястачы інструментаў. У мяне былі тры вялікія сякеры і шмат маленькіх (мы іх везлі для менавога гандлю з чорнаскурымі); але ад частага карыстання і ад таго, што даводзілася сячы вельмі цвёрдае сукаватае дрэва, усе яны зазубрыліся і затупіліся. Праўда, у мяне было тачыла, але камень прыводзіўся ў рух рукой, значыцца адзін чалавек не мог на ім тачыць. Неабходна было прыстасаваць да яго ножны прывод. Я думаю, ніводзін дзяржаўны дзеяч, ламаючы галаву над важным палітычным пытаннем, і ніводзін суддзя, рашаючы ці жыць ці паміраць падсуднаму, не траціў-бы столькі разумовай энергіі на сваё рашэнне, колькі патраціў я, вынаходзячы гэты прывод. Але нарэшце я змайстраваў кола, якое пры дапамозе рамня прыводзілася ў рух нагой і круціла тачыльны камень, пакідаючы вольнымі абедзве рукі. З гэтым прыстасаваннем я валаводзіўся цэлы тыдзень. Дагэтуль я ніколі не бачыў тачыла з ножным прыводам, а калі і бачыў, то не заўважыў, як яно пабудавана: але пасля я ўпэўніўся, што ў Англіі гэткія тачылы вельмі распаўсюджаны, толькі звычайны тачыльны камень бывае меншым, чымсь ён быў у мяне: мой быў вельмі вялікі і цяжкі.