Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/78

Гэта старонка не была вычытаная

24 мая. — Усе гэтыя дні працаваў на караблі. Выламаў з палубы апошнія дошкі, пасля таго рэчы, якія былі ў труме — некалькі бачонкаў і дзве матроскія скрыні — усплылі наверх ад першага-ж прыліву. Але вецер дзьмуў з берагу, і іх загнала ўмора. Затое сёння выкінулася на бераг некалькі абломкаў і вялікі бачонак з рэшткамі бразільскай свініны, якая аднак нікуды не варта, бо ў бачонак трапіла шмат вады і пяску.

16 чэрвеня. — Знайшоў на беразе вялікую чарапаху. Раней я ніколі іх тут не бачыў.

17 чэрвеня. — Спёк чарапаху на вуголлі. Знайшоў у ёй да шасцідзесяці яек. Ніколі ў жыцці, здаецца, не еў гэткага смачнага мяса. Нічога дзіўнага: да таго дня маю мясную ежу на востраве складалі выключна козы ды птушкі.

18 чэрвеня. — Зранку да вечара ішоў дождж, я не выходзіў. Увесь дзень мяне нешта трасе, хаця, як гэта мне вядома, у тутэйшых шыротах не бывае халодных дажджоў.

19 чэрвеня. — Я, відаць, хворы: мне так холадна, нібы на дварэ зіма.

20 чэрвеня. — Усю ноч не сплюшчыў вачэй: вельмі баліць галава і холадна.

21 чэрвеня. — Зусім дрэнна. Страшэнна баюся расхварэцца і страціць сілы: якое будзе тады маё становішча!

22 чэрвеня. — Сёння мне лепей, але страх хваробы не пакідае мяне.

24 чэрвеня. — Значна лепей.