Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/84

Гэта старонка не была вычытаная

не ведаў, ці збегла яна куды, ці акалела, і вельмі аб ёй сумаваў; і вось раптам у канцы жніўня яна вярнулася з трыма кацянятамі.

З 14 да 26 жніўня дажджы не спыняліся, і я амаль не выходзіў з дому, бо з часу маёй хваробы асцерагаўся трапіць пад дождж. Між тым, пакуль я адседжваўся ў пячоры, чакаючы яснага надвор‘я, мае запасы харчоў пачалі падыходзіць да канца, і таму два разы я нават рызыкнуў выйсці на паляванне. У першы раз я забіў казу, а ў другі, 26-га (гэта быў апошні дзень майго зняволення), злавіў вялізную чарапаху, з якой згатаваў сабе цэлы абед. Увогуле ў гэты час мая яда падзялялася так: на снеданне галінка ізюму, на абед кавалак казляціны або чарапашага мяса (печанага на вуголлях, бо, на вялікі жаль, не было ў чым смажыць і варыць), на вячэру два ці тры чарапашыя яйкі.

На працягу дванаццаці дзён, якія я праседзеў у пячоры, хаваючыся ад дажджу, я штодзённа па дзве, па тры гадзіны прысвячаў земляной рабоце, бо даўно ўжо збіраўся павялічыць склеп. Я пракопваў яго ўсё далей у адзін бок да таго часу, пакуль не вывеў ход на знадворак, за агарожу. Цяпер у мяне быў скразны ход, і я мог вольна выходзіць і ўваходзіць без прыстаўной лесніцы. Гэта, вядома, было зручна, але затое не так спакойна, як раней: раней маё жыллё было з усіх бакоў загароджана, і я мог спаць, не баючыся нападаў; цяпер нічога не варта было пралезці да мяне. Не разумею, як я тады не дадумаўся, што мне няма каго баяцца на во-