Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/87

Гэта старонка не была вычытаная

майстру кошыкаў, у рабоце і так добра заўважыў тады, як плятуцца кошыкі, што і потым не забыў гэтага майстэрства. Для пляцення кошыкаў мне нехапала толькі матэрыялу. Нарэшце мне прышло ў галаву: ці не падыдуць для кошыкаў галінкі тых дрэў, якія я браў на частакол для сваёй дачы? Па маіх меркаваннях, у гэтых дрэў павінны былі быць пругкія, гнуткія галінкі, як у вярбы. І я рашыў паспрабаваць.

На другі-ж дзень я пайшоў на дачу, зрэзаў там некалькі галінак таго дрэва, выбіраючы самыя тонкія, і ўпэўніўся, што яны як нельга лепш падыходзяць для кошыкаў. У наступны раз я прышоў з сякерай, каб адразу насячы, колькі патрэбна. Мне не трэба было шукаць, бо дрэў той пароды расло тут многа. Насечаныя галінкі я перацягаў у агарожу, а калі яны падсохлі, перанёс іх у пячору. У бліжэйшую дажджлівую пару я ўзяўся за работу і наплёў вельмі многа кошыкаў. Яны служылі мне для розных патрэб: я насіў у іх зямлю, складваў усялякія рэчы і г. д. Праўда, мае кошыкі не вызначаліся пекнатой вырабу, але, у кожным разе, выконвалі сваё назначэнне, а мне толькі гэта і трэ‘ было. З таго часу я ніколі не забываў папаўняць свой запас кошыкаў: як толькі старыя ламаліся ці знашваліся, я між работай плёў новыя. Я рабіў іх рознай формы і велічыні, але галоўным чынам запасаўся глыбокімі і моцнымі кошыкамі цыліндрычнай формы, якімі меркаваў замяніць мяшкі для хавання збожжа, калі ў мяне яго набярэцца шмат.