Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/89

Гэта старонка не была вычытаная

дога папугая: я падбіў яму кіем крыло, так што ён не мог паляцець. Я ўзяў яго і прынёс да сябе ў палатку. Хутка я дамогся, што ён пачаў клікаць мяне па імені.

Дайшоўшы да берагу мора, я канчаткова ўпэўніўся, што выбраў для пасялення самую горшую частку вострава. На маім баку я за паўтары гады злавіў толькі трох чарапах: тут-жа ўвесь бераг быў усеяны імі. Акрамя таго, тут было нязмернае мноства птушак розных парод, у ліку якіх пінгвіны. Былі такія, якіх я ніколі не бачыў, і шмат такіх, назвы якіх былі мне невядомыя. Мяса некаторых было вельмі смачнае.

Бясспрэчна, гэты бераг быў ва ўсіх адносінах прывабней майго, і тым не менш я не меў ніякага жадання перасяляцца. Пражыўшы ў сваім гняздзе больш за паўтары гады, я да яго прывык; тут-жа я адчуваў сябе госцем, мне было ніякавата і цягнула дамоў.

Прайшоўшы ўдоўж берагу к усходу, мусіць, міль дванаццаць ці каля таго, я рашыў, што час вяртацца. Я ўтыркнуў у зямлю высокі шост, каб зазначыць месца, бо думаў у наступны раз прысці сюды з другога боку.

Я хацеў вярнуцца іншай дарогай. «Востраў такі невялікі, — думаў я, — што на ім нельга зблудзіць. У крайнім выпадку я ўзлезу на горку, азірнуся і ўбачу, куды мне ісці». Аднак, я памыліўся. Адышоўшы ад берагу не больш двух-трох міль, я непрыкметна спусціўся ў шырокую лагчыну, якую так шчыльна абстучалі лясістыя ўзгоркі, што не было ніякай мажлівасці вырашыць, дзе я знаходзіўся.