Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/90

Гэта старонка не была вычытаная

Я мог-бы ісці па сонцу, але для гэтага трэ’ было дасканальна ведаць, у якім пункце знаходзіцца сонца ў кожны час дня.

А тут яшчэ на бяду было пахмурнае надвор’е, і на працягу трох ці чатырох дзён сонца зусім не паказвалася. Увесь гэты час я блытаўся ў лагчыне, шукаючы дарогу. Нарэшце я вымушан быў выйсці зноў да берагу мора, на тое месца, дзе стаяў мой шост, ды ўжо адтуль вярнуўся дамоў ранейшай дарогай. Назад я ішоў, не спяшаючыся, з частымі перапынкамі, бо стаялі спякотныя дні, а на мне было шмат цяжкіх рэчаў — стрэльба, зарады, сякера — і мне было цяжка ісці.

Раздзел адзінаццаты

Рабінзон вяртаецца ў пячору. — Яго земляробчыя работы.

На поўдарозе ад дому мой сабака спалохаў казлёнка і схапіў яго, але загрызці не паспеў: я своечасова падбег і адняў яго. Мне хацелася ўзяць яго з сабой: я даўно ўжо марыў прыдбаць сабе пару казлянят, каб развесці статак, забяспечыць сябе мясной ежай к таму часу, калі ў мяне выйдзе ўвесь порах.

Я зрабіў казлёнку ашыйнік і павёў яго на вяроўцы (вяроўку я тут-жа скруціў з пянькі ад старых канатаў, якую заўсёды насіў у кішэні). Казлянё ўпіралася, але ўсё-такі ішло. Дайшоўшы да сваёй «дачы», я часова пакінуў казлянё ў агарожы; сам-ж пайшоў далей: мне вельмі хацелася дабрацца да дому, бо я вандраваў ужо больш за месяц.