Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/95

Гэта старонка не была вычытаная

сваё імя, а потым, хаця і не хутка, навучыўся даволі выразна выгаварваць яго. «Попка» было першае слова, якое я пачуў на маім востраве, можна сказаць, з чужых вуснаў. Але размовы з Попкам, як ужо сказана, былі для мяне не работай, а дапамогай у рабоце. У той час у мяне была на руках вельмі важная справа. Даўно ўжо я ламаў галаву, як знайсці спосаб рабіць гліняную пасуду, але нічога не мог прыдумаць. Галоўная затрымка была за матэрыялам, бо я не сумняваўся, што ўдасца вылепіць нешта накшталт гаршка ці міскі, калі толькі знайду добрай гліны. Што тычыцца абпальвання, то я лічыў, што ў гарачым клімаце для гэтага дастаткова сонечнага цяпла. «Ва ўсякім разе, — думаў я, — мая пасуда, прасохнуўшы на сонцы, будзе настолькі моцная, каб можна было браць яе ў рукі і трымаць у ёй зерне, муку і наогул усе сухія прадукты для захавання іх ад вільгаці». І я рашыў, як толькі знайду адпаведную гліну, вылепіць некалькі вялікіх банак для зерня. Пра такую гліняную пасуду, у якой можна было-б варыць, я пакуль яшчэ не думаў.

Уяўляю, як вы пасмяяліся-б з мяне, добры чытач (а можа і пашкадавалі-б мяне), каб я вам расказаў, як няўмела я прыступаў да гэтай работы, якія недарэчныя, нязграбныя пакалечаныя творы выходзілі ў мяне з-пад пальцаў, колькі маіх вырабаў раскідваліся ад таго, што гліна была вельмі пухкай і не вытрымлівала ўласнай вагі, колькі іншых патрэскалася ад таго, што я спяшаўся вы-