Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/96

Гэта старонка не была вычытаная

ставіць іх на сонца, і колькі рассыпалася на дробныя кавалкі пры першым дотыку да іх як да прасушкі, так і пасля прасушкі. Даволі сказаць, што пасля двухмесячнай няўтомнай працы, калі я нарэшце знайшоў гліну, накапаў яе, прынёс дамоў і пачаў працаваць, у мяне вышла нарэшце дзве вялікія нязграбныя гліняныя пасудзіны, бо банкамі іх, строга кажучы, нельга было назваць.

Гэта ўсё-такі было здабыткам! Калі мае банкі добра зацвярдзелі на сонцы, я асцярожна ўзяў іх адну за другой і паставіў у два вялікія кошыкі, якія я сплёў выключна для іх. Усе пустыя мясціны між кожнай банкай і кошыкам я для большай аховы шчыльна заткнуў рысавай і ячменнай саломай. Абедзве гэтыя першыя банкі прызначаліся пакуль што для хавання зерня, каб яно не магло папсавацца ад вільгаці, а з цягам часу, калі я прыдумаю спосаб малоць зерне, — пад муку.

Буйныя вырабы з гліны вышлі ў мяне няўдалымі. Куды лепш выходзіла ў мяне дробная пасуда: маленькія круглыя гаршэчкі, пляскатыя гарлачы, блюды, кубкі, міскі і іншыя дробныя рэчы. Яно і зразумела: дробныя рэчы лягчэй ляпіць: акрамя таго, яны раўней абпальваліся на сонцы і таму менш біліся.

Але ўсё гэта было не тое, што мне было трэба: мне патрэбна была такая пасуда, каб можна было ў ёй варыць, каб яна вытрымлівала агонь і не прапускала вады, а гэтага я і не мог дамагчыся. Але вось неяк раз я разводзіў агонь, каб потым спячы на вуголлі