Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/97

Гэта старонка не была вычытаная

мяса. Калі мяса спяклося, я хацеў пагасіць вуголле і знайшоў у ім чарапок ад маёй разбітай глінянай банкі: чарапок распаліўся дачырвана і зацвярдзеў, як камень. Я быў прыемна здзіўлены гэтым адкрыццем. «Калі гліняны чарапок так зацвярдзеў ад агню, то, значыцца, з такім-жа поспехам можна абпальваць у агні і гліняную пасуду», сказаў я сабе.

Я думаю, ніводзін чалавек у свеце не адчуваў гэткай радасці ад такой нязначнай прычыны, якую адчуў я, калі зрабіў агнетрывалую пасуду. Я ледзьве дачакаўся, покуль мае гаршкі астынуць, каб можна было наліць у адзін з іх вады і зварыць у ім мяса. Гаршкі вышлі вельмі добрымі. Я зварыў сабе з казляціны добры бульён, хаця, безумоўна, каб палажыць у яго каранёў, ды заправіць соллю і аўсянай мукой, ён вышаў-бы яшчэ лепшым.

Наступным маім клопатам было прыдумаць, як зрабіць каменную ступку, каб размельваць, або, вярней, таўчы ў ёй зерне; аб такім складаным творы, як млын, не магло-ж быць і гутаркі: адной пары чалавечых рук было не пад сілу выканаць такую работу. Але зрабіць ступку было таксама не зусім ужо проста: у рамесніцтве каменацёса я нічога не разумеў, як і ва ўсіх іншых, і акрамя таго ў мяне не было інструментаў. Не адзін дзень патраціў я, каб знайсці адпаведны кавалак камня, г. зн. дастаткова цвёрды і такой велічыні, каб у ім можна было выдзяўбсці па-