Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/98

Гэта старонка не была вычытаная

глыбленне: але нічога не знайшоў. На маім востраве былі ўцёсы, але гэтыя ўцёсы былі з суцэльнага камня, ад якога пры ўсіх маіх намаганнях я не мог адкалоць адломку патрэбнай велічыні, бо для гэтага ў мяне не было аніякіх інструментаў. Ды і камень гэты для ступкі ўсёроўна не падыходзіў; гэта быў порысты камень з пароды пясчанікаў: пры таўчэнні цяжкім таўкачом ён пачаў-бы абавязкова крышыцца, і ў муку трапляў-бы пясок. Такім чынам, згубіўшы шмат часу на дарэмныя пошукі, я адмовіўся ад думкі пра каменную ступку і рашыў змайстраваць драўляную, для якой куды лягчэй было знайсці матэрыял. Сапраўды, я хутка вызначыў у лесе калоду вельмі цвёрдага дрэва і такую вялікую, што ледзь здолеў крануць яе з месца. Я абцясаў яе зверху сякерай, каб прыдаць ёй па мажлівасці правільную форму, а затым часткова выдзеўбаў, часткова выпаліў у ёй паглыбленне накшталт таго, як бразільскія чырвонаскурыя робяць лодкі. Няма чаго і казаць, што гэтая працэдура цягнулася страшэнна доўга і каштавала мне вялікай працы. Пакончыўшы са ступкай, я выцесаў вялікі важкі таўкач з так званага жалезнага дрэва. І ступку і таўкач я схаваў да наступнага жніва, калі, па маіх разліках, у мяне павінна была атрымацца дастатковая колькасць зерня, каб частку яго можна было аддзяліць для мукі.

Цяпер неабходна было падумаць аб тым, як я буду мясіць свой хлеб, калі падрыхтую