Старонка:Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937).pdf/99

Гэта старонка не была вычытаная

муку. Перш за ўсё ў мяне не было дражджэй; аднак, гэтаму гору ўсёроўна дапамагчы не было як, і таму аб дражджах я не турбаваўся. Але печка... як абыйсціся без печкі? Гэта было сапраўды галаваломнае пытанне. Тым не менш я ўсё-такі прыдумаў, чым яе замяніць. Я вылепіў з гліны некалькі вялікіх буйных пасудзін накшталт блюд, вельмі шырокіх, але мелкіх: усе гэтыя блюды я добра прапаліў на агні. Я падрыхтаваў іх задоўга да пачатку жніва і пакуль схаваў у кладоўцы. Трэба зазначыць, што яшчэ раней у мяне быў збудаваны на зямлі ачаг — роўная пляцоўка з квадратных (хоць сапраўды далёка не квадратных) цаглін, таксама ўласнага вырабу і таксама добра абпаленых. Калі надышла пара пячы хлеб, я развёў на гэтым ачагу вялікі агонь. Дачакаўшыся, каб дровы перагарэлі, я разгарнуў вуголле па ўсяму ачагу і даў ім паляжаць некаторы час, пакуль ачаг не распаліцца. Тады я адгарнуў увесь вугаль убок, пасадзіў на ачаг свой хлеб, накрыў яго адным з нарыхтаваных мною гліняных блюдаў, перакуліў яго ўверх дном, а блюда залажыў гарачым вуголлем. І што-ж? Мой хлеб спёкся, як у самай лепшай печцы.

Наогул я за кароткі час зрабіўся вельмі добрым пекарам: не кажучы ўжо аб простым хлебе, я навучыўся пячы пудзінгі і аладкі з рысу; толькі пірагоў я не рабіў, ды і то толькі таму, што акрамя казляціны ды птушынага мяса, іх не было чым начыняць.