Старонка:Завіруха (1929).pdf/101

Гэта старонка не была вычытаная

КАБ Я БЫЎ…

Каб я быў крылатай птушкай,
Не ляцеў-бы я у гай, —
Пеў-бы песьні-весялушкі
Там, дзе сьлёзы льле ратай.

Каб я быў бурлівай рэчкай, —
Мужыка паганы лёс
Не знайшлі-б тады са сьвечкай,
Так далёка-б я занёс.

Каб я быў прыгожай кветкай,
Расьцьвітаў-бы кожны год,
На няўродлівым палетку,
Дзе расьце палын, асот.

Каб я быў вясеньнім сонцам,
Што прыгожа так гарыць, —
Бедным людзям у ваконца
Першым стаў-бы я сьвяціць.

Каб я быў на небе зоркай,
Што блішчыць, аж любата,
Я глядзеў-бы на надворкі,
Там дзе вечна цемната.