Старонка:Завіруха (1929).pdf/104

Гэта старонка не была вычытаная

— „Я — незнаёмы… Зьбіўся з дарогі,
Душу хачу абагрэць;
Ў полі змарозіў рукі і ногі,
Думаў, што будзе і сьмерць“… —

— „Грэйся, саколік! Я не шкадую,
К комінку бліжай сядай!
З дзецьмі дваіма я тут начую…
Зоська, лучынак падай!..

Старшай — дзесяты, хлопчыку — восем, —
Сталі мне ўжо памагаць…
Скіньце апратку… грэйцеся… просім…
Будзе ляпей спачываць“…

Толькі сказала, — згінула мова,
Сьлёзы сыпнулі з вачэй,
Горла затхнулась… Болей ні слова… —
Шмат яна плача начэй.

— „Што ты, кабета, плачаш аб долі?
Цяжка й табе, мусіць, жыць?
Так, як зімоваю ночкай у полі,
Холадам гэтакім быць.

Бачу бяздольна ты — шчасьця ня маеш…
Сілы дарэмна ня траць,
Кінь плакаць! А мо‘ прычакаеш,
Толькі каб жыць — ня ўміраць“.

— „Дзе нам пра шчасьце! Ўсё мінавала.
Толькі ля дзетак жыву.