Старонка:Завіруха (1929).pdf/12

Гэта старонка не была вычытаная

СКОКІ НА МОГІЛКАХ

Паглядзіце, мы скачам на могілках
І чырвоным віном паліваем крыжы, —
Па магіле вякоў, на чорных століках,
Марш хаўтурны іграюць нажы.

Мы пад грукат машын, песьні фабрыкаў
Пераскочым курган і бяздоньне балот,
І дзень будучы прыдзе к нам страньнікам
У адзеньні сьвятых пазалот.

Годзе плакаць і вам над Рагнедаю
І, зірнуўшы ў мінулае, цяжка ўздыхаць…
Новы дзень хай вам казку паведае,
Чыю ў песьнях усхваліваць раць.

Старадаўні звычай к нам ня вернецца:
Разбурыла жыцьцё ўсё магутным крылом,
І дзён нашых яскравая дзеньніца
Запаліла вякоў буралом.

І асьвечаны замчышчы князевы,
У пажары купаецца чорны курган…
Цені-людзі з яго павылазілі
Паскакаць на магілках канкан.