Старонка:Завіруха (1929).pdf/125

Гэта старонка не была вычытаная

СЬВЕТЛАЯ НОЧ

Пасьвячаю Г. С.

Пад дзіўную казку каханьня
Закрыла ты чорныя вочы…
Я бачу грудзей калыханьне
У змроку чаруючай ночы.

Я чую, як сэрца пужліва
Стукоча, шукаючы волі…
З табою цяпер я шчасьлівы,
Шчасьлівы цяпер, як ніколі.

„Кахаю…“ — праз сон ты шаптала…
К табе я свой твар прыхіляю,
Хачу, каб у сьне ты спазнала,
Што й я цябе шчыра кахаю…

Шапчу я: „Дзяўчынка кахана,
У сьне хоць пабач свае мары,
Бо заўтра, праснуўшыся рана,
Зноў сонца затуляць нам хмары…“