Старонка:Завіруха (1929).pdf/16

Гэта старонка не была вычытаная

∗     ∗

Я пясьняр лясоў, балота
І загонаў каласістых…
Мае песьні — шум чарота
Па-над рэчкаю імглістай.

Мае песьні — песьні долі,
Шопат зор у паднябесьсі
Хай ляціць, жыве на волі
Гучны вокліч маёй песьні,

Мае песьні — песьні буры,
Гоман лесу ў непагоду,
Страшны посьвіст злой віхуры,
Сьмелы кліч майго народу.

Мае песьні — песьні волі,
Гімн паўстаўшых на прадвесьні…
Хай нясецца, хай ніколі
Не загіне вокліч песьні!