Старонка:Завіруха (1929).pdf/21

Гэта старонка не была вычытаная

А хто рагоча? Той, хто ўчора,
Як я, глядзеў на сьвет з-за краты,
Хто чару піў са мною гора…
Сягоньня трус ён стаў, прытвора,
Гатоў свайго-ж прадаці брата…

Мой цяжкі шлях… Ваюю з бурай…
Схіляе вецер, як былінку…
Часамі сьпеў душы — віхура —
Прымусіць доўга быць панурым,
Нібы бяздольну сірацінку.

Але змагаю ўсе няўзгоды,
У даль імкнуся без спачыну…
У ясны дзень і ў непагоду
Кладу я шлях свайму народу,

Пакуль ў сьнягох жыцьця ня згіну,
Хутчэй з заходу сонца ўзойдзе,
Чым край наш будзе у няволі…
Аб час мінулы у народзе
Дудар свой сумны сьпеў заводзе…
Той час ня прыдзе ўжо ніколі.

Пра гэты-ж час вайны крывавай
Раскажа лірнік казку сьвету,
Хто быў тут правы, хто няправы…
Аб гэтым зашуміць дубрава
І гучны верш пяўца-поэта…