Старонка:Завіруха (1929).pdf/71

Гэта старонка не была вычытаная

ЗМАГАЙЦЕСЯ САМІ!

Кабеты, вясковыя кветкі,
Годзе ў балоце расьці,
Годзе, зямлі роднай дзеткі,
Бяз сонца і сьвету цьвісьці.

Зьдзек пана і вёскі цямнота
Кавалі кабеччы ваш лёс:
Жылі вы, дзе гора, бяднота,
Дзе мора ад поту і сьлёз.

Былі вы нібы і ня людзі,
Ад працы хоць чулася боль, —
Балелі вам плечы і грудзі
І знак быў — крывавы мазоль.

Цяпер-жа вы вольныя птушкі,
На пана ня трэба рабіць!..
Сьцяг працы з чырвонай істужкі
Ідзеце і вы бараніць.

Бярэце сярпы і лапаты,
Мы ворага зможам ураз —
Прагонім паноў усіх з хаты,
І сьвята настане для нас.