Старонка:Завіруха (1929).pdf/74

Гэта старонка не была вычытаная

ДАРАГОЙ ПАМЯЦІ
СЬЦЯПАНА БУЛАТА

Хоць сонца і сьвеціць, а дзень сумны… хмуры…
Спакою душа не знаходзіць…
Стаю я маўкліва і чую, як бура
Жалобную песьню заводзіць.

Я бачу, як з дрэва сарван ліст зялёны,
Нясецца у даль адзінока…
І вецер сам плача… імчыцца шалёны
І гоніць бяз жалю далёка…

І ты, нібы ліст той, злой сьмерцю паганай,
Ад сонца… ад волі узяты, —
Ты бурай жыцьцёвай ад нас адарваны…
І сэрца баліць так ад страты.

Мы знаем, што будзем мы ўсе у магіле,
Канца ня мінуць нам такога…
Навошта-ж лёс дрэнны у лепшую хвілю
Сьцяў кветку жыцьця маладога?..