Старонка:Замоцін Багдановіч.pdf/1

Гэта старонка была вычытаная
Проф. І. Замоцін

М. А. Багдановіч

Крытычна-біографічны нарыс

I

Увязка біографіі Максіма Багдановіча з генэзісам яго творчасьці; галоўныя моманты ў гэтай увязцы. Спадчыннасьць соцыяльная і псыха-фізыолёгічная і яе роля ў фармаваньні творчасьці поэты. Продкі поэты па лініі бацькі і маткі; выпадкі надаронасьці сярод іх; беларуская традыцыя ў іх асяродзьдзі. Матка поэты, падабенства яго з ёю характарам. Склад жыцьця і дзейнасьць бацькі; яго значэньне для інтэлектуальнага разьвіцьця поэты. Рысы спадчыннасьці ў здароў'і поэты.

____________

Калі разглядаць біографію пісьменьніка ня толькі як хронолёгічную канву, але і як матар'ял для асьвятленьня пытаньня аб генэзісе дадзенай творчасьці, то на першы плян прыходзіцца вылучыць тыя менавіта біографічныя моманты, з якіх фактычна складаецца ўвязка жыцьця і дзейнасьці пісьменьніка з яго літаратурнай прадукцыяй.

Гэтыя моманты наступныя: 1) соцыяльная спадчыннасьць; 2) псыха-фізыолёгічная спадчыннасьць па двух лініях―па лініі псыхічнага складу (напр., надаронасьць продкаў пісьменьніка) і па лініі фізычнага складу (напр., спадчынныя хваробы); 3) абстаноўка раньняга дзяцінства, паколькі яна рабіла ўплыў на фармаваньне псыха-фізыолёгічнай організацыі будучага пісьменьніка; 4) гады вучэньня і розныя ўплывы ў гэты час (кнігі, сябры, уражаньні наўкольнага жыцьця і прыроды і г. д.); 5) наўкольнае грамадзкае асяродзьдзе і грамадзкія сувязі як у гады юнацтва, так і ў гады сталасьці; 6) характар разумовых інтарэсаў пісьменьніка, яго дзелавой працы па спэцыяльнасьці (калі такая у яго была) і працы грамадзкай; 7) літаратурныя сувязі і літаратурныя ўплывы; 8) кола інтымных перажываньняў (склад асабовага жыцьця, выдатныя ў ім падзеі, сяброўскія сувязі, каханьне).

Для біографіі, больш складанай па матар'ялу і хронолёгічна больш працяглай, пералік гэтых момантаў, вядома, можа быць працягнуты; але ў дапасаваньні да М. А. Багдановіча, які памёр вельмі рана і пражыў сваё нядоўгае жыцьцё ў параўнальна простай абстаноўцы, гэтыя моманты амаль што вычэрпваюць увязку яго творчасьці з яго жыцьцём.

Па пытаньню аб соцыяльнай спадчыннасьці, як аб адным з момантаў у біографіі М. Багдановіча, шэраг цікавых і багатых зьместам доведак дае бацька поэты ў сваіх "Матар'ялах да біографіі Максіма Адам. Багдановіча" (рук.). Бацькі поэты ― Адам Юравіч Багдановіч і Марыля Апанасаўна, ураджоная Мякота. Адам Юравіч па пахаджэньню селянін. Яго бацька Юры Лук'янавіч, дзед поэты па бацьку, быў прыгонны дваровы памешчыка пана Лаппо, повар па професіі; ён належаў да Касарыцкага сельскага вобчаства, Ляскавіцкай воласьці, Баб-