Старонка:Замоцін Багдановіч.pdf/10

Гэта старонка была вычытаная

ня ўдаўся дзеля таго, што к школьным гадом здароўе дзяцей, у тым ліку і Максіма, стала пагражаць небясьпекаю з боку нахілу іх да сухотаў.

Але ўсё-ж такі з 11-гадовага ўзросту для Максіма пачалося правільнае школьнае жыцьцё. Ён паступіў у 1902 г., пад канец свайго адзінаццатага году, у Ніжагародзкую гімназію. Тут ён прабыў шэсьць гадоў, з першай клясы па пятую уключна, прычым у чацьвертай клясе заставаўся на другі год. У 1908-9 навучальным годзе, з пераходам А. Ю-ча (з 1907 г.) на службу ў Яраслаў, ён пераведзен быў у 6-ую клясу Яраслаўскай гімназіі, якую і скончыў у чэрвені 1911 году.

III

Гімназічныя гады (1902-1911). Настаўніцкае асяродзьдзе і гурткі самаадукацыі. А. К. Кабаноў; далейшае разьвіцьце ў Максіма Багдановіча цікавасьці да беларусазнаўства. Выкладчык В. В. Белавусаў; заняткі М. Б. языкамі антычнымі і новымі; паглыбленьне знаёмстваз чужаземнымі літаратурамі. Рэвалюцыйны рух у гімназіі і ціка-васьць да яго М. Б.; зварот да політычных і соцыяльных пытаньняў і адпаведнае кола чытаньня. Паездкі ў канікулярны час (на кумыс, у Крым); уражаньні ад наўкольнай прыроды і новыя знаёмствы. Адносіны М. Б. да школьных заняткаў у гімназіі; яго атэстат зрэласьці. Агульны характар разумовых інтарэсаў у гімназічныя гады; цэнтральнае ў іх палажэньне „беларусікі".

__________________

Навучаньню ў гімназіі, пасьля сыстэматычнай хатняй падрыхтоўкі і пры наяўнасьці далейшага хатняга кіраўніцтва самаадукацыі ў дзяцей, А. Ю. дадаваў выключна фармальнае значэньне, як пэўна працяглай спробе, якой трэба падпасьці, каб папасьці ў вышэйшую школу. Аднак-жа, ён адзначае шэраг момантаў з гімназічнага жыцьця Максіма, якія маглі мець добры ўплыў на яго разьвіцьцё.

Першы момант―гэта паасобныя настаўнікі, якія складалі лепшую частку педагогічнага пэрсоналу гімназіі. Да іх належыць С. В. Шчарбакоў, дырэктар Ніжагародзкай мужчынскай гімназіі; чалавек высокаадукаваны, буйны грамадзкі дзеяч, старшыня цэлага шэрагу навуковых і асьветных таварыстваў,―ён меў разам з гэтым вялікі педагогічны такт. У сям'і Шчарбакова, якога А. Ю. у сваіх успамінах называесваім сябрам, Максім быў прыняты як свой, і гэта інтэлігентная і, між іншым, "музычная" сям'я мела для Максіма, па думцы А. Ю-ча, "немалаважнае адукацыйнае значэньне". Сярод іншых выдатных маладых настаўнікаў гімназіі А. Ю. адзначае А. К. Кабанова, настаўніка гісторыі. А. К. Кабаноў, беларус па пахаджэньню, быў, паводле сьведчаньня А. Ю-ча, знаўцам менавіта беларускай гісторыі, і маладога Багдановіча зьвязвала з гэтым выкладчыкам любасьць да Беларусі і цікавасьць да беларусікі". Дзеля гэтага нават пасьля пераезду з Ніжняга-Ноўгараду ў Яраслаў Максім Багдановіч і надалей вëў з Кабановым перапіску па пытаньнях беларусазнаўства або, як кажа А. Ю., па "беларусіцы". Такім чынам, калі гурткі самаадукацыі, аб якіх таксама ўспамінае А. Ю., якія кіраваліся маладымі выкладчыкамі Ніжагародзкай гімназіі, давалі Максіму, удзельніку гэтых гурткоў, матар'ял для агульнага разьвіцьця, то зносіны з Кабановым выхоўвалі ў ім цягу да беларускага руху, якая з гадамі ўсё больш і больш вызначалася. У асяродзьдзі пэдагогічнага персоналю Яраслаўскай гімназіі, у якой Максім Багдановіч вучыўся, пачынаючы з шостай клясы, таксама знашоўся адзін выкладчык, з якім блізка зышоўся на глебе літаратурных